Даўно марыў паздымаць маленькіх лісянят у дзікай прыродзе. Таму заўсёды з надзеяй і вялікім трапятаньнем у сэрцы дасьледаваў норы, якія мне трапляліся на жыцьцёвым шляху. І, на жаль, знаходзіў толькі даўно закінутае ўласьнікамі жыльлё. Але надоечы ўсё ж такі давялося зазірнуць у патаемны сьвет падрастаючых аматараў мышэй.
Завітаўшы ў госьці да Віктара Ёсіфавіча, адразу прагучала прапанова не марнаваць час і паспытаць удачы каля лісіных нор. Я зьдзівіўся, бо на гадзіньніку было ўжо каля а дзявятай вечара й сонца пакрысе лянотна спускалася за гарызонт, а яшчэ трэба было ж неяк дабрацца туды! Але я з задавальненьнем згадзіўся й, выйшаўшы з хаты на двор, паглядзеў куды мне паказвае Віктар Ёсіфавіч: з узгорка, на якім мы стаялі, быў відаць жоўты пясок пасярод зялёнага поля ў трох-чатырох сотнях мэтраў ад нас!
Так, ліса пасялілася на ўскрайку невялічкага астраўка дрэваў па сярэдзіне поля. А ўжо праз нейкіх пятнаццаць хвілінаў я з захапленьнем сядзеў на мяжы поля, мімікруючы пад дрэва, якое нерухома месьцілася побач. Хутчэй, чым зьвечарэла, паказаліся лісяняты, якія пачалі гарэзьліва насіцца каля сваёй нары, даганяючы й кусаючы адзін аднаго. А я тым часам зь цікавасьцю за імі назіраў і здымаў, пакуль гэта дазваляла асьвятленьне.
Вечарам наступнага дня атрымалася зноўку трапіць на поле да лісянят пры мяккіх залатых промнях вячэрняга сонейка. У гэты раз мы вызначылі, што вецер вельмі спрыяльны, каб наблізіцца да нары значна бліжэй. Узброіўшыся галінкамі лазы, я вырушыў на мэтраў пяцьдзясят бліжэй да нары, хуценька зрабіў імправізаваную схованку й сеў чакаць гэтых непаседлівых жэўжыкаў. І мне пашанцавала: яны пачалі сваю бурную дзейнасьць ужо зь сямі вечара пры цудоўным асьвятленьні й зусім не зьвяртаючы на мяне ўвагі. Я радасна здымаў іх і атрымоўваў задавальненьне ад мажлівасьці паназіраць за рухам прыроды.